Наша Большая Беларуская Семья

Наша Большая Беларуская Семья. Блог посвящается нашему роду и краю. Имейте своё чувство нашей истории.

Ігнатовіч Фёдар Кузьміч (па-беларуску)

Фёдар Кузьміч Ігнатовіч 10.06.1910-23.02.1994 Радкоў-Воспін, Рудабелка

     
✔️Мой Дзядулябеларус, – ветэран Вялікай Айчыннай ВайныІгнатовіч Фёдар Кузьміч нарадзіўся ў гістарычным мястэчку на тэрыторыі Палесся, якая тады яшчэ была часткай Расійскай Імперыі, на другі дзень пасля Тройцытак ён заўсёды сам казаўу чэрвені 1910г ў вёсцы Радкоў Ражства-Багародзіцкай царквы Валосавіцкага прыходу.

✔️Для маці Настассі першым на свет зявіўся Нічыпар (17/04/1907–?/08/1944), але ж яго бацька Бялько Антон Фядосеў загінуў. Маладым дзяўчатам не варта было доўгі час заставацца без мужчыны, і вось працавіты землеўладальнік-аднаасобнік (а пазнейстаршыня Валосавіцкага сельсавета на кароткі час) Касьма Фёдаравіч з Доўгага (=Радкова) закахаўся і ажаніўся на ўдаве прыгажуні Настассі Арцёмаўне.
✔️ На вяселле Настасся светла-бардовай хусткай з воўны пакрыла свае густыя доўгія валасы, і малады Касьма больш нікога не бачыў навокалтакая яму ў жонкі дасталася прыгажуня. Касьма з Настассяй нарадзілі пяцёра сыноў: Фёдара (1910), Рыгора (1912), Івана (1915), Міну (1918), Мікалая (1924), і маленькую дачку Соню (1928) і жылі яны разам з Нічыпарам (1907) вялікай сям’ёй на Кузьмовым хутары. Паслухайце ўнуку Касьмы:



✔️ Маленькі Фёдар атрымаў пачатковую адукацыю з дапамогай хатняга настаўніка, у юнацкім узросце працаваў у калгасе «Шлях Леніна» на розных работах, пасля паехаў у Мінск вучыцца далей і працаваў на адным з Мінскіх заводаў.
✔️ Адбыў службу ў Чырвонай Арміі з 1932 па 1934гг, пасля чаго быў адпраўлены ў запас. У 1939г па загаду мясцовай улады быў мабілізаваны і прымаў удзел у кароткачасовай вызваленчай аперацыі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі на Польскім фронце.
✔️Ва ўзросце 30 год у 1939г ажаніўся на маёй бабулі Вользе Фядосаўне Селівончык (1924-2016) і маладой сям’ёй аселі яны жыць у в.Воспін. Фёдар пачаў працаваць у калгасе «Шлях Леніна» ў паляводчай брыгадзе. У лютым 1941г маладая Вольга зацяжарала першынцам; шчаслівыя будучыя бацькі чакалі дзіця, па вясне высадзілі бульбу, жыта, іншыя культуры, жылі побач з бацькамі і братамі, сярод сваякоў, аддана працавалі на сваёй зямлі.
✔️На жаль, нягледзячы на тое, што Фёдар адслужыў у арміі, у чэрвені 1941г – згодна загаду Даманавіцкага РВК – усіх маладых мужчын заклікалі ў войскі Чырвонай Арміі хутка і адразу на фронт. Позву ў ваенкамат атрымалі ўсе сыны Касьмы Фёдаравіча ды Настассі Арцёмаўны: Нічыпар Антонавіч (34г), Фёдар (31г), Рыгор (29г), Іван (26г), Міна (23г) і Мікалай (18г). Ці можна ўявіць што адчувалі бацькі калі чыталі гэтыя позвы на сваіх крывінак-сыноў? Здаецца, усё адбываецца нібыта ў страшным сне… Ці можна ўявіць, што адчувала сэрца маці, якая страціла некалькі гадоў таму мужчыну – Касьма Фёдаравіч памер ад хваробы мачавым пузыром у Мазырскім шпіталі напярэдадні вайны. Адкуль было браць духоўныя сілы, каб яшчэ і натхніць сваіх родных сыноў…
✔️ У дзень выпраўкі на фронт, маці і сталых і зусім маладых сыноў вёсак нашых галасілі так, што чутна было ў іншым сусвеце. Настасся Арцёмаўна узгадала пра шлюбную хустку, якую захавала пасля свайго з Касьмой вяселля. Невядома каму яна малілася, але ж глытаючы слёзы, вырашыла зрабіць мацярынскія абярэгі, разрэзаўшы тую самую хустку на роўныя часткі, і паклала кожнаму з сыноў маленькія яе кавалачкі ў кішэні.
✔️ 22 жніўня 1941г Фёдара прызначылі памочнікам камандзіра ўзвода.
✔️ Праз два месяцы – 15 кастрычніка 1941г каханая Вольга нарадзіла Фёдару маленькую Антаніну, у роднай вёсцы Воспін. Так сталася далей, так мы і звалі нашу старэйшую цётку Антолю – дзіцем вайны.
✔️ У 1942г змагаючыся за Радзіму, Фёдар трапіў у фашысцкі палон. Пры перапраўцы ў Германію, атрымалася збегчы, але немцы злавілі яго і адправілі далей. Якімсьці цудам, Фёдару пашанцавала збегчы на другі раз, і ён пайшоў у партызаны Даманавіцкай брыгады.
✔️ Залічаны ў партызанскі атрад ад 15 снежня 1942г, у пасадзе малодшы ваенны тэхнік, дзе камісарамі былі Казлоў, Чарнавусаў. Затым лічыўся на пасадзе старэйшага майстра гарматаў партызанскага атрада ім.Чапаева 101-й брыгады Палескага аб’яднання.
✔️ Дарэчы, падчас службы Фёдара Кузьміча на фронце, затым у партызанскім атрадзе, а затым зноў на фронце, яго жонка Вольга з маленькай дачкой Антанінай на руках хаваліся дзе толькі маглі з іншымі вяскоўцамі ад нямецкіх акупантаў.
✔️ Нашы родныя вёскі Воспін і Радкоў і навокал: Любань, Мікуль-Гарадок, Дзербін, Параслішча, Валосавічы - фашысты палілі ў красавіку 1942г, а затым у снежні 1943г. Фашысты не саромеліся здзекавацца: ад іx рук загінулі многа і дзяцей і старых. На жаль, загінулі так многа аднавяскоўцаў, што іcнаванне некаторых сямейных родаў скончылася ўвогуле.
✔️ Фёдар Кузьміч і яго партызанская брыгада №101 далучылася да Савецкай Арміі ўвосень 1943г, з якой далей ён і дайшоў да фашысцкай Германіі, служачы наводчыкам прылады 4-ай батарэі 308-ага Гвардзейскага зенітна-артылерыйскага Чырвонасцяжнага палка.
✔️ У той жа час змаганняў Фёдара Кузьміча з фашыстамі ў далёкіх кутках свету, немагчыма не сказаць пра тыя жахі, аб якіх нават не даведваліся салдаты з нашых вёсак, яны выпалі на лёс яго жонкі з дачкой і мацеры, а таксама іншых родных і жыхароў у лютым-красавіку 1944г: адыходзячы на захад і пакідаючы свае пазіцыі, фашысты, выконваючы загад вермахта, стварылі “экспрэсам” канцэнтрацыйныя лагеры ў некалькіх месцах навокал нашых мясцін пад голым небам ў балоце, куды сагналі знясіленых грамадзян.
✔️ Не шматлікім пашанцавала перажыць і выжыць за 9 дзён вар’ятага пекла без вады, ежы і без адзення. Многія нашы родныя так і засталіся ў гэтым лясным балоце назаўжды. Фёдар Кузьміч і яго аднасяльчане мужчыны толькі ўвесну 1945г даведаюцца аб лёсе дамашніх.
✔️ 7 лютага 1945г у раёне Герытц радавы Фёдар Кузьміч Ігнатовіч падчас налёту варожай авіяцыі на пераправу праз раку Одэр, хутка наводзіў гармату на цэль, дзякуючы чаму, быў збіты адзін фашысцкі самалёт-знішчальнік FW-190.
✔️ 8 лютага 1945г у тым жа раёне варожая авіяцыя бамбіла пераправу праз раку Одэр і штурмавала батарэі. Нягледзячы на небяспеку таварыш Ігнатовіч стрымана наводзіў гармату на цэль, дзякуючы дакладнасці, быў збіты адзін фашысцкі самалёт-знішчальнік FW-190.
✔️Ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савету Саюза СР загадам 308-му Гвардзейскаму зенітна-артылерыйскаму Чырвонасцяжнаму палку №015/Н ад 30 мая 1945г Ігнатовіч Фёдар Кузьміч быў узнагароджаны медалём «ЗА АДВАГУ».

✔️ Iгнатовiч Федар Кузьмiч атрымаў наступныя ўзнагароды:
– «За ўзяцце Берліна» А№151774 ад 03.11.1945г
– «За перамогу над Германіяй» В08А№0371390 ад 24.04.1956г
– «За адвагу» №3047833 ад 20.03.1946г пасведчанне №567202
– «Партызану Вялікай Айчыннай Вайны» ІІ сцепені пасведчанне №72950
– «Падзяка Сталіна» – за сумленную службу
– грамата «За прарыў абароны фашыстаў і наступленне на Берлін» №339 ад 23.04.1945г
– грамата «За авалоданне горадам і крэпасцю Познань на Берлінскім напрамку» №284 ад 23.02.1945г

✔️ Перамогу чакалі доўга, і не маглі паверыць, што вайна скончылася. Улетку маладыя хлопцы пачалі вяртацца дадому, ў родныя месцы. На жаль, многія так і засталіся на франтах.
✔️ Маці Фёдара Настасся Арцёмаўна захварэла тыфам і была забіта немцамі ў роднай вёсцы, як і некалькі іншых сваякоў. Яна верыла, і ведала, што мацярынскі абярэг дапаможа: пяці братам пашанцавала цудам. Вярнуліся дадому ўсе сыны Касьмы Фёдаравіча. На жаль, старэйшы брат Нічыпар Антонавіч прапаў без вестак ў жніўні 1944г, аб чым паведамілі яго жонку Таццяну Несцераўну (вёска Кашэвічы), у іх застаўся маленькі сын. Першымі пасляваеннымі гадамі хлопцы і Фёдар з сям’ёй сталі жыць у малодшай сястры Соні Кузьмовай, якой ужо было 17 год.


✔️ Фёдар Кузьміч адразу пасля вайны быў прызначаны старшынёй калгаса «Новае Жыццё» у в. Воспін 1945г. – мужчын не шмат вярнулася з фронту – працаваць не было каму – i ён пагадзiўся. Як бачна, пачуццё справядлівасці было рысай яго характару, абяцанкi дзяржавы не заўсёды выконвалiся своечасова, i прыходзiлася ставіць бюракратычны апарат на месца. Пасля вайны – будучы старшынёй калгаса «Новае Жыццё», дасылаў лiсты ў  Даманавiцкi РайКам каб даведацца дзе яго медаль.
 Беларускi Штаб Партызанскага Руху адказ падрыхтаваў не хутка. З моманту адпраўкi лiста Федара Кузьмiча (27/05/1946г) прайшло  7 месяцаў (03/12/1946г). 

✔️ Кароткі апавяд асабістага баявога подзвігу і заслуг таварыша Фёдара Кузьміча Ігнатовіча адзначана ва ўзнагародным лісце:
«Таварыш Ігнатовіч Ф.К. у партызанскай брыгадзе №101 знаходзіўся з 16.12.1942 г. З гэтага часу тав. Ігнатовіч смела ўдзельнічаў у аперацыях па разгрому нямецкіх паліцэйскіх гарнізонаў:
– с-з Ліпаў 23 снежня 1942 г.;
– у баю ў в.Шаўлове з нямецка-паліцэйскай зграяй;
– 5 студзеня 1943г пры разгроме нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў;
А таксама ўдзельнічаў у аперацыях – в. Давыдаўка ў сакавіку 1943 г.; – в. Навасёлкі ў сакавіку 1943 г.; – м. Даманавічы ў красавіку 1943 г.; – в.Каплічы ў красавіку 1943 г.; – Савічы ў маі 1943 г.; – скатабаза Лугас ў верасні 1943 г.; – в. Многавершы ў чэрвені 1943 г. і ў іншых баях.
Адзначыўся на падрыве 12-ці чыгуначных рэек па напрамку Гомель-Лунінец, забіўшы 5 немцаў. Вялікую работу выконваў знаходзячыся на пасадзе старэйшага майстра гарматаў па ўзбраенню атрада і брыгады.
За подпісам камандзіра брыгады №101: /Чарнавусаў/
За подпісам начальніка штаба брыгады №101: /Н.Салавей/»




✔️ Фёдар Кузьміч пасля вайны працаваў старшынёй калгаса «Новае Жыццё» у в. Воспін 1945-1948 гг., а потым – брыгадзірам паляводчай брыгады да 1955г. Калі воспінскі калгас далучылі да Дзербінскага калгаса імя Максіма Горкага – з 1955г. пачаў працаваць брыгадзірам будаўнічай брыгады, а з 1960г. – рабочым паляводчай брыгады. На пенсію пайшоў у 1970г.
Калі браты Кузьмовыя збіраліся, сядзелі моўчкі доўга, глытаючы боль стратаў. Пілі хлебную, многа, моўчкі, змахваючы сціплую мужыцкую слязу, думалі кожны аб сваім.
✔️Фёдар Кузьміч быў паважаным чалавекам ў сваім асяродку.
✔️Фёдар Кузьміч сам пабудаваў хату сваёй сям'і і разам з Вольгай Фядосаўнай нарадзілі дзевяць дзяцей, двое з якіх памерлі немаўлятамі, а адна з дачок памерла ва ўзросце 17 год на Новы 1979г. Шасцёра дзяцей выгадавалі, Фёдар і Вольга былі найлепшымі бабуляй і дзядулям для іх 15 ўнукаў. Памерлі Фёдар Кузьміч ва ўзросце 84 гадоў 23 лютага 1994г, Вольга Фядосаўна ва ўзросце 93гадоў 16сакавіка 2016г, абодва пахаваныя на воспінскіх могілках.


✔️Аўтабіяграфія запісана са слоў родных Фёдара і паводле расказаў аднасяльчан. Выкарыстаныя дакументальныя матэрыялы з анлайн сервісу "Память Народа 1941-1945" і "Партизаны Беларуси".

Прысвечана 120-цiгоддзю са дня нараджэння Федара Кузьмiча Iгнатовiча.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Игнатович Федор Кузьмич (по-русски)

Фёдор Кузьмич  Игнатович  10.06.1910-23.02.1994 Радков-Оспин, Рудобельщина Полесской области Беларуси  (специально для использующих googl...